За сем месяцаў фізычныя асобы прадалі наяўнай валюты на 1,5 млрд даляраў больш, чым купілі

Ілюстрацыйнае фота

У студзені–ліпені 2025 году насельніцтва Беларусі стала чыстым прадаўцом замежнай валюты, як сьведчаць зьвесткі Нацыянальнага банку.

Фізычныя асобы купілі замежнай валюты на 7 млрд 188,7 млн даляраў (тут і далей у эквіваленце), прадалі — на 8 млрд 34,7 млн (адмоўнае сальда — 846 млн).

Наяўнай валюты набыта на 4 млрд 729,9 млн, прададзена — на 6 млрд 231,6 млн (мінус 1 млрд 501,7 млн), безнаяўнай — на 2 млрд 458,8 млн і 1 млрд 803,1 млн адпаведна (плюс 655,7 млн), піша Позірк.

У канцы траўня старшыня Нацыянальнага банку Раман Галоўчанка назваў «чысты продаж валюты насельніцтвам і суб’ектамі гаспадараньня» адным з двух фактараў, што паўплывалі на рост міжнародных актываў. «Мы яе скупляем і, калі так можна сказаць, складаем пад вялікую дзяржаўную падушку», — заявіў ён.

Міжнародныя рэзэрвовыя актывы Беларусі на 1 жніўня 2025 году склалі 11 млрд 938 млн даляраў у эквіваленце, і гэта новы рэкорд, як сьведчаць папярэднія зьвесткі Нацыянальнага банку.

За ліпень золатавалютныя рэзэрвы (ЗВР) вырасьлі на 400,3 млн даляраў (+3,5%).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рост рэальных заробкаў будзе запавольвацца — эканаміст Крук


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сцэнар рэзкага абвалу рубля за кароткі прамежак часу наўрад ці зараз імаверны, — эканамістка Лузгіна