Па выніках другога кварталу 2025 году, кампанія Ozon паведаміла пра значны рост прыбыткаў у Беларусі.
Даходы маркетплэйса вырасьлі амаль у 3,5 разы ў параўнаньні з папярэднім годам, піша myfin.by.
Колькасьць пастаянных пакупнікоў у краіне павялічылася ўдвая.
Людзі сталі часьцей карыстацца плятформай: у сярэднім кожны кліент робіць больш за 30 заказаў у год — гэта на 6 заказаў больш, чым раней.
У выніку, агульная колькасьць заказаў у Беларусі вырасла ў 4 разы за год.
У кампаніі ўжо ёсьць свой склад у Менску і сартавальны цэнтар у Воршы. Таксама Ozon актыўна павялічвае колькасьць пунктаў выдачы па ўсёй краіне.
Ozon быў заснаваны ў 1998 годзе ў Расеі як інтэрнэт-кнігарня. Стаўшы адным з найвялікшых маркетплэйсаў, на беларускі рынак ён афіцыйна выйшаў у 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест Amazon і eBay. Чаму расейскія плятформы Wildberris і Ozon пануюць на беларускім рынку