Літва вызначыла дату завяршэньня дэмантажу лініяў электраперадач, што злучалі яе зь Беларусьсю

Ілюстрацыйнае фота

Літоўскі апэратар электрасетак Litgrid паведаміў, што лініі электраперадач, якія аб’ядноўвалі энэргетычныя сыстэмы Літвы і Беларусі, дэмантуюць да канца 2026 году.

«Усяго адключана і будзе дэмантавана 12 міжсыстэмных зь Беларусьсю лініяў, у тым ліку пяць напружаньнем 330 кВ і сем напружаньнем 110 кВ. Тры лініі электраперадач з Расеяй на 330 кВ і тры лініі на 110 кВ адключаныя і будуць дэмантаваныя. Усяго будзе дэмантавана больш за 182 кілямэтры лініяў на 544 апорах. Даўжыня дэмантаваных правадоў перавысіць 231 кілямэтар», — сказана ў афіцыйным паведамленьні кампаніі.

У кампаніі падкрэсьлілі, што дэмантажом апошнія лініі электраперадач з Калінінградам і Беларусьсю завяршаецца гістарычны этап трансфармацыі інфраструктуры, зьвязаны з поўнай інтэграцыяй у энэргетычную сыстэму Эўропы, якая абслугоўвае больш за 400 мільёнаў спажыўцоў у 26 краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Балтыі пасьпяхова падключыліся да эўрапейскай энэргасыстэмы

Сёлета 9 лютага краіны Балтыі пасьпяхова падлучыліся да адзінай энэргасыстэмы кантынэнтальнай Эўропы — адразу пасьля таго, як 8 лютага Літва, Латвія і Эстонія адлучыліся ад энэргетычнай сыстэмы Расеі і Беларусі.

Перш меркавалася, што так званая «Балтыйская сынхранізацыя» адбудзецца ў канцы 2025 году, але яе перанесьлі амаль на 11 месяцаў раней, шмат у чым з прычыны вайны ва Ўкраіне і жаданьня краін Балтыі цалкам пазбавіцца залежнасьці ад патэнцыйнага расейскага энэргетычнага шантажу.

Краіны Балтыі перасталі закупляць расейскі газ і электраэнэргію пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, але іхныя электрасеткі заставаліся падлучанымі да Расеі і Беларусі, праз што забясьпечвалася стабільнасьць патоку электраэнэргіі. Гэта рабіла іх залежнымі ад Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выхаду краінаў Балтыі з постсавецкай сеткі Беларусь умацоўвае сувязі з энэргасыстэмай Расеі