Як адзначаецца ў заяве Рады БНР да 5-й гадавіны жнівеньскіх падзеяў 2020 году, гэтая дата «прыпадае на час, калі тысячы адданых Беларусі сыноў і дачок знаходзяцца ў вязьніцах, а сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць Бацькаўшчыну, калі Лукашэнка, выконваючы жаданьне Масквы, зьнішчае нацыянальную ідэнтычнасьць беларусаў і фактычна праводзіць палітыку этнацыду».
У Радзе БНР мяркуюць, што Беларусь яшчэ ніколі ў сваёй найноўшай гісторыі не перажывала нагэтулькі цяжкія часы, як цяпер.
«Тым большую павагу выклікаюць беларусы на Бацькаўшчыне, якія засталіся верныя нацыянальнаму Адраджэньню, ідэалам свабоды і дэмакратыі — і беларусы замежжа, якія не спыняюць дапамогу палітычным вязьням і іх сем’ям, ствараюць беларускія адукацыйныя і культурніцкія асяродкі, грукаюцца ў дзьверы замежных палітыкаў з мэтай не забывацца пра Беларусь. Вінаватыя ў тэроры і іншых злачынствах супраць беларускага народу і супраць чалавечнасьці маюць быць прыцягнуты да адказнасьці будучай дэмакратычнай уладай у Беларусі», — падкрэсьліваецца ў заяве.
Што такое Рада БНР
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада БНР — найвышэйшы кіроўны орган Беларускай Народнай Рэспублікі, які з 1919 году дзейнічае на эміграцыі і зьяўляецца адной з ключавых палітычных арганізацый беларускай дыяспары.
Рада БНР захоўвае фармальна-працэдурную пераемнасьць з радай Усебеларускага зьезду 1917 году і ў 2022 годзе заставаўся найстарэйшым у сьвеце «ўрадам у выгнаньні». Раду БНР узначальвае Івонка Сурвіла.
2 ліпеня 2023 году КДБ Беларусі прызнаў Раду БНР «экстрэмісцкім фармаваньнем». А неўзабаве Генэральная пракуратура пачала ў дачыненьні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі крымінальную справу паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Сярод іх — «змова з мэтаю захопу ўлады», кіраўніцтва «экстрэмісцкім фармаваньнем», «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і іншыя.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 12 верасьня 2023 году прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» сайт Рады БНР, яе старонкі ў сацыяльных сетках і лягатып. Таксама «экстрэмісцкімі» прызналі ўзнагароды Рады БНР — мэдалі «Ордэн Пагоні», «За баявыя заслугі», мэдаль да 100-годзьдзя БНР, ордэн Жалезнага рыцара ды іх лічбавыя выявы.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі тады ў адказ заявіла, што «прыняла да ведама інфармацыю аб сваім уключэньні ў сьпіс „экстрэмісцкіх фармаваньняў“ з боку КДБ Рэспублікі Беларусь — карнага органу, за якім яшчэ з часоў Леніна цягнецца ланцуг злачынстваў і тэрору супраць беларускага народу».