«Лукашэнка сам гэта выдумаў». Што адказалі Ціханоўская і Латушка на абвінавачаньні ў прапагандысцкім фільме

Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская

Да гадавіны выбараў 2020 году на АНТ выйшаў сюжэт, дзе Ціханоўскую абвінавацілі ў атрыманьні грошай ад прадстаўнікоў Лукашэнкі, а Латушку – у намеры падпаліць штаб аб’яднанай апазыцыі. Свабода распытала палітыкаў пра ўражаньні ад стужкі.

6 жніўня ўвечары дзяржаўны беларускі тэлеканал АНТ выпусьціў сюжэт, дзе згадваліся падзеі пяцігадовай даўніны: ад’езд Сьвятланы Ціханоўскай зь Беларусі і пратэсты 2020 году.

Нібыта прычынай ад’езду Сьвятланы быў страх за сваё жыцьцё, а менавіта «правакацыі з боку іншых прадстаўнікоў апазыцыі». Паўла Латушку наагул абвінавацілі ў намеры падпаліць аб’яднаны штаб, якіі месьціўся на сталічнай вуліцы Харужай. Гэта, паводле аўтараў фільму, мусіла справакаваць больш маштабныя пратэсты. У стужцы паказалі нібыта сустрэчу Паўла Латушкі з былым сілавіком Аляксандрам Гусаком, які, паводле аўтараў, адказваў за бясьпеку мітынгаў апазыцыі. А пасьля прадэманстравалі нібыта абмеркаваньне гэтых плянаў па тэлефоне.

Павал Латушка, архіўнае фота

У камэнтары Свабодзе намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка адказаў, што з Гусаком тады ня бачыўся і нічога падобнага абмяркоўваць проста ня мог.

«Што да Гусака — мяне як чалавека проста засмучае і абурае сама пастаноўка пытаньня: мой голас, сустракаўся зь ім? Не, не сустракаўся, гэта ня мой голас і, вядома, нічога падобнага я ня тое што ня мог рыхтаваць — я нават абмяркоўваць такое ня мог», — адказаў Павал Латушка.

Таксама ён адзначыў, што выхад гэтай стужкі — «тэлеспэктакль для аднаго гледача».

«Як былы генэральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы я стаўлю гэтай пастаноўцы „нуль“. Зусім без іскрынкі. Гэтую ахінею Лукашэнка сам і прыдумаў і паставіў задачу даказаць, што 1+1=3. І менавіта ён узгадніў выхад гэтага сюжэту, шчыра лічачы, што гэта „бомбішча“. Проста „геній“ піяру. І щва ўсім так — дзед трызьніць уголас, ягоныя пудзілы бяздумна выконваюць, і ўся краіна, щва ўсіх сфэрах, ператвараецца ў адну вялікую хворую фантазію старога, які страціў розум», — адказаў Латушка.

Таксама палітык адзначыў, што пасьля выхаду стужкі, а таксама сёньня, а пятай раніцы ён атрымаў «пагрозы фізычнага гвалту і забойства».

Яшчэ ў сюжэце паказалі, як Ціханоўская атрымлівае капэрту ад начальніка Апэратыўна-аналітычнага цэнтру (ААЦ) Андрэя Паўлючэнкі. Нібыта «ў капэрце грошы, якія прасіла Ціханоўская».

Скрутак, які беларускія спецслужбы нібыта перадалі Ціханоўскай 10 жніўня 2020 году

Нацыянальная лідэрка заявіла, што «гэты скрутак праляжаў у яе 5 гадоў» і яна «ніякіх грошай не прасіла». А скрутак ёй з сабой тады далі прымусова. Сьвятлана Ціханоўская прызнала, што гэтую капэрту атрымала ад Андрэя Паўлючэнкі 10 жніўня 2020 году. З словаў Ціханоўскай, капэрту яна ўскрыла толькі пасьля публікацыі відэа, празь пяць гадоў пасьля падзеі. Там аказалася 15 тысяч эўра, і зараз Сьвятлана Ціханоўская вырашае, што рабіць з гэтымі грашыма.

Чыё імя напісана на капэрце з грашыма і ці ведае яго Ціханоўская

На капэрце было напісана прозьвішча з ініцыяламі — «Медведю О.В.». Паводле арганізацыі былых сілавікоў BelPol, гэтыя ініцыялы могуць належаць Алегу Ўладзіміравічу Мядзьведзю, дзейнасьць якога зьвязаная з спэцслужбамі Беларусі.

У Офісе Ціханоўскай Свабодзе паведамілі, што з такім чалавекам Сьвятлана ў Беларусі не перасякалася.

Як паведамілі Свабодзе ў арганізацыі былых сілавікоў, Алег Уладзіміравіч Мядзьведзь, акрамя пашпарта на сваё імя, мае таксама так званы пашпарт прыкрыцьця на імя Ніліна Алега Ўладзіміравіча.

Алег Мядзьведзь нарадзіўся 28 студзеня 1974 году. Вядома, што яго маці працавала мэдычнай сястрой у шпіталі КДБ у Менску. Паводле зьвестак BelPol, дзейнасьць Алега Мядзьведзя зьвязаная з замежжам. Ён мае дыпляматычны пашпарт, зь якім шмат разоў езьдзіў за мяжу — у Турэччыну, Францыю, Латвію, Вялікую Брытанію, Італію, Чэхію, Нямеччыну, Аўстрыю, Іран. Былыя сілавікі таксама паведамляюць, што ў 2021 годзе Алег Мядзьведзь выяжджаў у Польшчу на аўтамабілі разам з супрацоўнікам цэнтральнага апарату КДБ Юрыем Уладзіміравічам Качанавым.

Што да абвінавачаньняў, якія прагучалі ў стужцы, Павал Латушка ў размове з Свабодай нагадаў храналёгію падзеяў 5 гадоў таму. 10 жніўня Сьвятлана Ціханоўская накіравалася ў ЦВК, каб пакінуць скаргу на вынікі выбараў. Аднак там яе змусілі пакінуць Беларусь, пра што Сьвятлана неаднойчы расказвала.

Павал Латушка на той момант быў дырэктарам Купалаўскага тэатру і не ўваходзіў у аб’яднаны штаб апазыцыі.

Вось як разьвіваліся падзеі ў жніўні 2020 году:

13 жніўня калектыў Купалаўскага тэатру разам з генэральным дырэктарам Паўлам Латушкам запатрабаваў спыніць гвалт над мірнымі грамадзянамі і выступіў за пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. Калектыў тэатру заявіў, што ня будзе паказваць спэктакляў і гатовы да страйку.

14 жніўня Латушку выклікалі ў Міністэрства культуры. Сустрэча Латушкі зь міністрам культуры Юрыем Бондарам доўжылася амаль гадзіну. Тым часам каля будынку міністэрства дырэктара чакалі купалаўцы і артысты іншых менскіх тэатраў.

У той жа дзень, 14 жніўня, дырэктар Купалаўскага тэатру прыйшоў на плошчу Незалежнасьці да ўдзельнікаў мірнай акцыі. Ён заявіў, што міністар унутраных справаў, ягоны намесьнік і іншыя асобы, адказныя за жорсткае абыходжаньне з затрыманымі, павінны пайсьці ў адстаўку і панесьці адказнасьць.

17 жніўня Латушка быў звольнены з пасады генэральнага дырэктара Купалаўскага тэатру.

18 жніўня ён увайшоў у склад Каардынацыйнай рады. 19 жніўня абраны ў Прэзыдыюм Каардынацыйнай рады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест кампрамату на апазыцыю — самавыкрыцьцё ўладаў. Карбалевіч аб прапагандысцкім фільме