Увечары 6 жніўня ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ паказалі прапагандысцкі фільм, у якім расказвалі пра акалічнасьці ад’езду зь Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай. Паводле прапагандыстаў, улады Беларусі такім чынам дапамаглі Ціханоўскай «узьяднацца з дзецьмі» і ўнікнуць «правакацыяў з боку іншых апазыцыянэраў».
У прапагандысцкім відэа можна пабачыць белую папяровую капэрту, у якой, як сьцьвярджаецца, былі прызначаныя Ціханоўскай грошы.
Яна сама ўжо адрэагавала на публікацыю відэа, прызнаўшы, што капэрту сапраўды атрымала 10 жніўня 2020 году ад кіраўніка Апэратыўнага аналітычнага цэнтру Андрэя Паўлючэнкі. З словаў Ціханоўскай, капэрту яна ўскрыла толькі пасьля публікацыі відэа, празь пяць гадоў пасьля падзеі. Там аказалася 15 тысяч эўра, і зараз Сьвятлана Ціханоўская вырашае, што рабіць з гэтымі грашыма.
Свабода зьвярнула ўвагу на тое, што на згаданай капэрце, якую перадалі Ціханоўскай улады Беларусі, ёсьць прозьвішча і ініцыялы — «Медведю О.В». Паводле арганізацыі былых сілавікоў BelPol, гэтыя ініцыялы могуць належаць Алегу Ўладзімеравічу Мядзьведзю, дзейнасьць якога зьвязаная з спэцслужбамі Беларусі.
Выданьне «Наша Ніва» зьвярнула ўвагу, што чалавек з такімі ініцыяламі ўнесены ў «Чорную мапу Беларусі» (праект, які зьбіраў і распаўсюджваў інфармацыю пра сілавікоў, якія маглі ўдзельнічаць у рэпрэсіях. — РС). Паводле гэтых зьвестак, Алег Уладзіміравіч Мядзьведзь у 2020 годзе быў супрацоўнікам групы КДБ «Альфа».
Як паведамілі Свабодзе ў арганізацыі былых сілавікоў, Алег Уладзіміравіч Мядзьведзь, акрамя пашпарта на сваё імя, мае таксама так званы пашпарт прыкрыцьця на імя Ніліна Алега Ўладзіміравіча.
Алег Мядзьведзь нарадзіўся 28 студзеня 1974 году. Вядома, што яго маці працавала мэдычнай сястрой у шпіталі КДБ у Менску. Паводле зьвестак BelPol, дзейнасьць Алега Мядзьведзя зьвязаная з замежжам. Ён мае дыпляматычны пашпарт, зь якім шмат разоў езьдзіў за мяжу — у Турэччыну, Францыю, Латвію, Вялікую Брытанію, Італію, Чэхію, Нямеччыну, Аўстрыю, Іран. Былыя сілавікі таксама паведамляюць, што ў 2021 годзе Алег Мядзьведзь выяжджаў у Польшчу на аўтамабілі разам з супрацоўнікам цэнтральнага апарату КДБ Юрыем Уладзіміравічам Качанавым.
Форум