«Прыкметы ваеннай дзейнасьці, якая адбываецца вельмі блізка да гэтай буйной атамнай электрастанцыі, выклікаюць глыбокую заклапочанасьць. Як я ня раз казаў, максымальная ваенная стрыманасьць паблізу атамных электрастанцый неабходная для перадухіленьня рызыкі ядзернай аварыі», — сказаў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.
Гэты інцыдэнт адбыўся раніцай 6 жніўня, а апошні аналягічны — 2 жніўня.
Генэральны дырэктар МАГАТЭ таксама заявіў аб уразьлівасьці вонкавага энэргазабесьпячэньня станцыі, бо апошнія тры месяцы яно залежыць толькі ад адной лініі электраперадач за межамі пляцоўкі Запароскай АЭС. Да вайны станцыя сілкавалася празь дзесяць лініяў электраперадач для ахалоджваньня рэактару і іншых важных функцый.
На мінулым тыдні супрацоўнікі МАГАТЭ агледзелі некаторыя гідратэхнічныя аб’екты, але ўсё яшчэ не атрымалі доступу да ізаляцыйнага шлюзу вадаёму-ахаладжальніку. Яны працягваюць адсочваць сытуацыю з ахаладжальнай вадой і яе выкарыстаньнем на ўсёй пляцоўцы.
На дзейных украінскіх атамных электрастанцыях (АЭС) — Хмяльніцкай, Ровенскай і Паўднёваўкраінскай — тры зь дзевяці энэргаблёкаў застаюцца спыненымі для перазарадкі і тэхнічнага абслугоўваньня.
Каманды МАГАТЭ на гэтых АЭС і Чарнобыльскай пляцоўцы паведамлялі, што на мінулым тыдні чулі сыгналы паветранай трывогі амаль штодня. На Хмяльніцкай АЭС камандзе давялося тройчы ісьці ў сховішча.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна трапляе пад абстрэлы, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
У ліпені 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.
Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.
Форум