Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў распараджэньне пра будаўніцтва ў Менску 4 мільёнаў квадратных мэтраў жыльля


Адзін з праектаў забудовы Зялёнага Бору
Адзін з праектаў забудовы Зялёнага Бору

Новыя жылыя раёны пабудуюць каля Калодзішчаў. Тэрыторыя былога палігона ўжо фармальна ўваходзіць у гарадзкую мяжу сталіцы і нават мае назву Зялёны Бор (хоць жылы комплекс з такой жа назвай ужо ёсьць каля Бараўлянаў).

Гэтае жыльлё будзе для тых, хто стаіць на чарзе і мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Таксма ў новых раёнах зьявяцца школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі і іншыя аб’екты, неабходныя для жыцьця.

Пакуль жа ў Зялёным Бары няма нават простай сувязі з сталіцай — толькі звычайная 2-палосная дарога з Уручча.

«За першую кальцавую дарогу — ані кроку!»

Аляксандар Лукашэнка раней ня раз выступаў супраць перанасяленьня Менску, забудовы раёнаў за кальцавой у цэлым і Калодзішчаў у прыватнасьці.

Верасень 2016 году. Лукашэнка заявіў, што пра забудову сельскагаспадарчых земляў у Менску няма чаго і думаць. І трэба спыняць забудову Сеніцы і Калодзішчаў, бо гэта «тое ж самае, што забудоўваць Менск». (На сёньня Сеніца даўно забудаваная, на былых палях у Менску актыўна будуецца «Паўночны бераг», палігон каля Калодзішчаў на чарзе).

Ліпень 2020 году. На сустрэчы з актывам сталіцы Лукашэнка заявіў: «Нам ні ў якім разе нельга дапусьціць перанасяленьня Менску. За першую кальцавую дарогу — ані кроку!». Ён таксама загадаў не забудоўваць паркі і зялёныя зоны, падкрэсьліваючы, што горад не павінен перавысіць 2 мільёны чалавек.

Травень 2021 году. Лукашэнка адзначыў, што Менск ужо перавысіў плянку ў 2 мільёны жыхароў. Ён падкрэсьліў, што «горад не гумовы» і такое будаўніцтва прыводзіць да затораў, забруджваньня паветра і стварае праблемы з рабочай сілай.

Кастрычнік 2024 году. Лукашэнка загаварыў нават пра «расьсяленьне насельніцтва» ў гарады-спадарожнікі, ізноў сказаў, што перанасяленьне Менску «не на карысьць тым людзям, якія жывуць у Менску, у тым ліку не на карысьць тым, хто хоча прыехаць у Менск».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG