Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве прайшоў «Марш Свабоды». Глядзіце, як гэта было

абноўлена

«Марш Свабоды» у Варшаве 9 жніўня 2025-га.
«Марш Свабоды» у Варшаве 9 жніўня 2025-га.

У пятую гадавіну пачатку пратэстаў у Беларусі ў Варшаве прайшла акцыя «Марш Свабоды».

Стрым вёў карэспандэнт Свабоды Дзьмітры Гурневіч.

Калёну фактычна ачоліў Сяргей Ціханоўскі. На марш выйшлі сотні ўдзельнікаў.

Кіраўнік зьліквідаванага ўладамі Беларусі руху Юры Губарэвіч сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды, што, калі б не было 2020 году, не было б у беларусаў адчуваньня як нацыі.

«Гэтае адчуваньне ў сэрцах. Я перакананы, што мы вернемся і мы ведаем, якую Беларусь. Мы маем дачыненьні з грамадзянамі ў Беларусі наўпрост, ведаем, да чаго трэба рыхтавацца, атрымліваем такую інфармацыю, якая прымушае карэктаваць тактыку, стратэгію. Мы можам рыхтаваць зьмены, бо вельмі важна, калі будзе першы дзень, вельмі важна ведаць, што рабіць», – сказаў Юры Губарэвіч.

Ганна Вішняк, колішняя палітычная зьняволеная, перакананая, што пяць гадоў таму перамагла праўда. «Для мяне гэта вельмі блізка. Там шмат людзей сядзяць за кратамі», — сказала яна.

Ганна Вішняк — валянтэрка Telegram-канала «Водители 97%». Яе затрымалі 28 кастрычніка 2020 году за «арганізацыю пратэстаў». Ганну асудзілі на 2,5 года калёніі за «арганізацыю пратэстаў». Большую частку 2,5-гадовага тэрміну Ганна адбывала ў Гомельскай жаночай калёніі № 4. Палову часу яна правяла ў ШЫЗА і прэс-атрадзе. Мела 16 спагнаньняў. Ёй удалося пазьбегнуць дадатковага пакараньня па 411-м артыкуле. Ганна выйшла на волю, адседзеўшы поўны тэрмін у 2,5 года. Пазьней яна выехала за мяжу.

Паводле яе, цяпер вельмі важна, каб людзі дапамагалі сваякам палітвязьняў. Яна расказала, што ў часе яе зьняволеньня яна вельмі перажывала за сваю хворую маці, а дзякуючы лістам даведалася, што яе маці не адна.

«Гэта вельмі файна. Канешне, хацелася б сёньня шпацыраваць па беларускіх гарадах... Хай баіцца нас Лукашэнка, яму не ўдалося нас зламаць. Людзі, якія ідуць у гэтых калёнах не зьбіраюцца перагартаць старонку. Мы не забываем забітых, скалечаных. Мы не забываем таго, што нас прымусілі зьехаць. [...]Свабода пазбаўляе страху», — сказала яшчэ адна колішняя палітычная зьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

Удзельнікі акцыі трымаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, пэрыядычна выгукваюць лёзунгі «Жыве Беларусь». Паводле папярэднгіх ацэнак, у акцыі ўдзельнічаць каля 500 чалавек.

«Тое, што здарылася зь беларусамі ў 2020 годзе, гэта было лепшае, што з намі здарылася. Мы тады пазналі адзін аднаго. Я не шкадую пра 2020 год. Я малюся, каб гэта адбылося яшчэ раз, каб мы ўсе адчулі тое, што тады адчувалі — любоў адзін да аднаго і адкрытыя вочы. Зараз у самой Беларусі гэтага не хапае. [...] А ўсе тыя, каму сёньня цяжка, то цяжка ўсім. Найбольш цяжка нашым палітвязьням, якія знаходзяцца ў калёніях», — сказала яшчэ адна ўдзельніца акцыі, колішняя палітычная зьняволеная Ксенія Луцкіна.

«Калі нехта губляе надзею, падумайце аб тых, хто сёньня там. Калі ў цябе напісаны год вызваленьня не 2022 ці 2021, а 2027, 2029, 2031, 2032 год. І вось там людзі з такімі вялікімі тэрмінамі не губляюць надзею. Усе яны ведаюць, што калісьці выйдуць, і выйдуць значна раней, чым тыя гады, што ў іх напісаныя», — дадала яна.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў гендэрных пытаньнях Юлія Міцкевіч адзначыла, што падзеі 2020 году спрыялі павелічэньню жаночай прадстаўнічасьці ў палітычнай і грамадзянскай супольнасьцях. «Жанчыны па-ранейшаму моц палітычная, і гэта галоўны рухавік нашага супраціву», — сказала яна.

«Канешне тыя падзеі, якія прайшлі, яны пра боль. Мы памятаем той гвалт, які быў. Мы ніколі не забудзем і ніколі не даруем. Але сёньня мы тут таксама паказваем нашу годнасьць, і тое, што мы разам — гэта галоўнае», — сказала прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў гендэрных пытаньнях Юлія Міцкевіч.

Раней у Варшаве прайшоў першы дзень канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Аналягічныя акцыі адбудуцца ў 18 краінах сьвету.

Пяць гадоў беларуская дыяспара штогод адзначае дату як сымбаль адзінства, салідарнасьці і пратэсту супраць рэпрэсіяў, гвалту, дыктатуры, салідарнасьці.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG