Сьцісла:
- З артыкула Шустэра вынікае, што двухбаковы трэк дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю мала цікавіць амэрыканскую адміністрацыю. Найперш, Вашынгтон разглядае Лукашэнку як дадатковы канал сувязі з РФ.
- Асноўны сэнс інтэрвію зводзіцца да таго, каб давесьці амэрыканскай аўдыторыі прэтэнзіі Лукашэнка на ролю пасярэдніка паміж ЗША і Расеяй.
- Чарговым разам Лукашэнка даводзіў, што не ведаў пра тое, што Расея выкарыстае тэрыторыю Беларусі дзеля нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе.
- На пытаньне Шустэра ці плянуе Лукашэнка вылучацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін, той даў супярэчлівы адказ.
Перамовы ЗША з Лукашэнкам як сродак перадачы сыгналаў Маскве
Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію вядомаму журналісту амэрыканскага часопісу Time Сайману Шустэру яшчэ 25 ліпеня. Але апублікаванае яно толькі цяпер. Так сталася, што кулюарныя акалічнасьці, якія спадарожнічалі гэтаму інтэрвію, аказаліся не менш цікавымі, чым ягоны зьмест. Сайман Шустэр напісаў адмысловы артыкул, у якім са спасылкай на ўдзельнікаў працэсу, патлумачыў матывы, паводле якіх новая адміністрацыя ЗША пачала перамовы з афіцыйным Менскам. Высьветлілася, што амэрыканскія дыпляматы наведвалі беларускую сталіцу і сустракаліся з Лукашэнкам пяць разоў.
З артыкула Шустэра вынікае, што двухбаковы трэк дачыненьняў паміж ЗША і Беларусьсю мала цікавіць амэрыканскую адміністрацыю. І пытаньне вызваленьня беларускіх палітзьняволеных зьяўляецца, скажам так, далёка не галоўнай тэмай перамоваў.
Найперш, амэрыканцы разглядаюць Лукашэнку як дадатковы канал сувязі з РФ, сродак перадачы сыгналаў Маскве і атрыманьня зваротнай інфармацыі.
І гэта выглядае трохі дзіўным. Бо наўпроставыя кантакты паміж Масквою і Вашынгтонам значна шырэйшыя і больш высокага ўзроўню, чым паміж Менскам і амэрыканскай сталіцай. З моманту ўступленьня Дональда Трампа ў другі прэзыдэнцкі тэрмін у студзені 2025 году, ён размаўляў па тэлефоне з Уладзімірам Пуціным шэсьць разоў. Маскву рэгулярна наведвае спэцпрадстаўнік амэрыканскага прэзыдэнта Стыў Уіткаф. Адпаведна ў Вашынгтон пэрыядычна прыяжджае прадстаўнік Пуціна Кірыл Дзьмітрыеў. Урэшце ў сталіцах абедзьвюх дзяржаў працуюць паўнавартасныя амбасады дзьвюх краін, чаго няма ў адносінах паміж Беларусьсю і ЗША. Навошта амэрыканцам спатрэбіўся такі сумнеўны пасярэднік, як Лукашэнка, не зусім зразумела. Сам беларускі ўладар даводзіў дыпляматам США «простую ісьціну», што трэба прыняць расейскія ўмовы, з павагай ставіцца да Пуціна, інакш будзе яшчэ горш і для Захаду, і для Ўкраіны.
Уплішчыцца ў перамоўны працэс
Супярэчлівая сытуацыя з элемэнтамі скандалу ўзьнікла з нагоды таго, хто каго прасіў пра гэтае інтэрвію. Прэсавая служба Лукашэнкі даводзіць, што менавіта амэрыканскі журналіст прасіў аб сустрэчы. Прэсавая сакратарка Натальля Эйсмант у эфіры БТ казала, што на інтэрвію з Лукашэнкам выстройваецца чарга, а Time быў выбраны з шэрагу іншых таму, што зьвярнуўся самым першым.
Аднак сам Шустэр піша ў сваім артыкуле, што яго настойліва прасіў прыехаць у Менск на інтэрвію прадстаўнік афіцыйнага Менску і нават прапаноўваў грошы.
Што да ўласна самога інтэрвію, то там усё адбывалася па звыклай схеме. Галоўнае палягала ў тым, што Лукашэнка настойліва спрабуе ўпісацца ў перамоўны працэс ЗША і Расеі, больш таго, прэтэндуе на важную ролю. Чарговым разам ён заклікае правесьці перамовы паміж Пуціным і Трампам у Менску, бярэцца арганізаваць іх, правесьці ўсю падрыхтоўчую работу:
«Хочаце, я вазьмуся за гэта. Амэрыканская частка, расейская. Я гатовы за гэта ўзяцца, падрыхтаваць гэтую сустрэчу. У імя міру… Першы дзень — амэрыкана-расейскія адносіны, напрыклад, абмяркоўваем. У другі дзень, калі прыйдзем да згоды па праекце дакумэнта нейкага, запрашаем Зяленскага, Лукашэнку, Пятрова, Сідарава».
Няцяжка здагадацца, чыё прозьвішча тут прагучала ў якасьці асноўнага ўдзельніка саміту. Здаецца, гэта галоўны сюжэт, дзеля якога і запрасілі Шустэра ў Менск.
Лукашэнка вучыць сусьветных лідэраў
Не абышоў Лукашэнка і сваю любімую тэму, якую можна абазначыць рубрыкай «я і вялікія». Разважаючы пра сваю магчымую сустрэчу з Трампам ён кажа: «Яму было б архікарысна… Таму што ў адрозьненьне ад вас усіх, хто вакол яго бегае, я б яму расплюшчыў вочы на многія рэчы».
Адначасова Лукашэнка расказаў, як шмат на што «расплюшчыў вочы» і кітайскаму лідэру:
«Што тычыцца Сі Цзіньпіна, нашых сяброўскіх адносін, ён, будучы другім чалавекам у Кітаі, прылятаў да мяне. Я памятаю, ён папрасіў мяне ахарактарызаваць, як я бачу сытуацыю ў сьвеце. Аб многім казалі. Мы падышлі да глёбуса (гэты глёбус у мяне ў кабінэце да гэтага часу), і на карце я ахарактарызаваў сытуацыю так, як разумеў».
Кіраўнікі вялікіх дзяржаваў, што дзеці малыя, нічога не разумеюць у палітыцы, таму Лукашэнку даводзіцца іх вучыць. Тым больш, калі яны самі прылятаюць да яго.
Варта таксама зьвярнуць увагу яшчэ на некалькі сюжэтаў. Лукашэнка адзначыў, што кантакты Беларусі з ЗША адбываюцца па лініі спэцслужбаў, МЗС гэтым кейсам займаецца рэдка. Таму не дзіва, што ў перамовах Аляксандра Лукашэнкі з Кітам Келагам удзельнічаў старшыня КДБ і не кіраўнік МЗС.
Сумнеўны саюзьнік
Лукашэнка вельмі настойліва падкрэсьліваў, што ў гэтым перамоўным працэсе, у тым ліку, у пытаньнях вызваленьня палітвязьняў апазыцыя ніяк не ўдзельнічае. Для яго згаданае пытаньне — прынцыпова важнае. Гэта да тэмы аб круглым стале паміж рэжымам і ягонымі палітычнымі апанэнтамі, які цяпер настойліва прасоўвае Офіс Сьвятланы Ціханоўскай.
Чарговым разам Лукашэнка даводзіў, што не ведаў пра намер Расеі выкарыстаць тэрыторыю Беларусі дзеля нападу на Ўкраіну: «мяне не праінфармавалі», «мы ня верылі».
Але тады ўзьнікае пытаньне: што ж гэта за саюзьнік такі, які не папярэджвае, што зьбіраецца пачынаць вайну і выкарыстоўвае сябра «у цёмную». Тады навошта апавядаць пра сяброўскія, блізкія адносіны з Пуціным?
Варта адзначыць, што Лукашэнка кажа пра памылкі Пуціна, заўважае, што аб шматлікіх рэчах той шкадуе. Тут цікава заўважыць, што свае ўласныя памылкі беларускі ўладар ніколі не прызнае.
Лукашэнка таксама інфармуе, што ў некаторых расейскіх установах (Адміністрацыі прэзыдэнта, МЗС) з непаразуменьнем ставяцца да перамоваў паміж Беларусьсю і ЗША.
І нарэшце, пра самае запаветнае. На пытаньне Шустэра, ці плянуе Лукашэнка вылучацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін, той адказаў «ужо не пляную». А потым дадаў, фактычна абвяргаючы сам сябе, што «Трампу хутка 80, і ён прыстойна выглядае…». Намёк?..
Форум